Пешыя паходы

Вашай увазе прапаноўваюцца пешыя паходы па месцах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на Шчучыншчыне. На старонцы змяшчаецца інфармацыя аб адлегласці маршрута, населеных пунктах на ім, апісанне аб'ектаў на маршруце, а таксама карта. У даведніку, які можна спампаваць, дадаткова змяшчаецца інфармацыя аб пунктах медцынскай дапамогі на маршруце.



Маршрут №1 "Прыклад мужнасці і славы" (памяць пра В.В. Аляксандрава")
г. Шчучын - аг. Новы Двор - в. Пілаўня - в. Бершты (42 км)


Валянцін Валянцінавіч Аляксандраў нарадзіўся і вырас у Маскве. Да вайны быў студэнтам Маскоўскага аўтамеханічнага інстытута. У пачатку вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт і ўжо 21 ліпеня 1941 года быў закінуты ў тыл ворага ў Барысаўскі раён Мінскай вобласці. На працягу 1941 - 1943 гг. удзельнічаў у падрыве сямі варожых эшалонаў. У 1943 г. яго зноў накіравалі ў тыл ворага ў складзе дэсантнага партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі. В. Аляксандраў быў памочнікам камандзіра роты, удзельнічаў у шэрагу баёў, засад і дыверсій, у тым ліку і падрыве двух эшалонаў ворага. 15 ліпеня 1943 г. у баі каля вёскі Пілаўня быў смяротна паранены, закрыўшы сабою камандзіра дэсантнага партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі А.Я. Андрэева.


1. г. Шчучын, музей баявой славы
Карта маршрута №1
ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Шчучына"
вул Леніна, 66.
У музеі працуе экспазіцыя, прысвечаная дзенасці дэсантнага атрада імя Камсамола Беларусі, у складзе якога знаходзіўся В.В. Аляксандраў.
2. аг. Новы Двор, гісторыка-краязнаўчы музей
ДУА "Навадворская сярэдняя школа"
вул. Гродзенская, 18б.
Матэрыялы аб героі, яго асабістыя рэчы і ордэн Славы, якім пасмяротна быў узнагароджаны В.В. Аляксандраў, захоўваліся ў музеі Берштаўскай базавай школы, а пасля яе закрыцця - перададзены ў гісторыка-краязнаўчы музей Навадворскай СШ, у якім зараз дзейнічае раздзел "Валянцін Аляксандраў".
3. Каля в. Пілаўня, на месцы гібелі Аляксандрава, у 1963 г. быў устаноўлены памятны знак.
4. в. Бершты, магіла В.В. Аляксандрава.
9 ліпеня 1967 г. у Берштах на тэрыторыі школы былі перазахаваны астанкі героя, пасмяротна ўзнагароджанага ордэнам Славы. На магіле ўстаноўлены помнік, узвесці які дапамагалі былыя партызаны, работнікі Шчучынскай аўтабазы, сястра героя - скульптар Валянціна Аляксандара і Берштаўская школа. 


Маршрут №2 "Героі вядомыя і невядомыя"
г.п. Астрына - в. Шынкаўцы - в. Даўлюдаўшчына - г.п. Жалудок (31 км)

1. г.п. Астрына
Брацкая магіла 21 савецкага воіна і 17 партызан знаходзіцца па вул. Станкевіча. Сярод пахаваных - камандзір атрада імя Ленінскага камсамола Д.Ц. Панкоў, камандзір партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола А.В. Станкевіч. Імем А.В. Станкевіча названа вуліца ў Астрыне. Помнік пастаўлены ў 1967 г.
На брацкай магіле падпольшчыкаў на праваслаўных могілках пахаваны камсамольцы-падпольшчыкі: У. Вашкевіч, П. Жукоўскі, М. Карсуноў, У. Сакута, М. Слатвінскі. М. Слатвінскі нарадзіўся ў Астрыне, стваральнік камсамольскага падполля. У маі 1942 г. пайшоў у партызанскі атрад, удзельнічаў у баявых аперацыях. Загінуў падчас карнай аперацыі гітлераўцаў. П.В. Жукоўскі – арганізатар і кіраўнік антыфашысцкага падполля ў Астрыне. З мая 1942 г. – у партызанскім атрадзе імя Ленінскага камсамола. Загінуў у баі. У пасёлку імёнамі Слатвінскага і Жукоўскага названы вуліцы. Абеліск на магіле ўсталяваны ў 1950 г.  
На новых праваслаўных могілках знаходзіцца магіла чатырох невядомых салдатаў. 
Карта маршрута №2
2. в. Шынкаўцы, магіла Мацвея Марусіка.
М. Марусік змагаўся з ворагам у атрадзе Ванды Васілеўскай, які ў ваходзіў у брыгаду імя Ленінскага Камсамола Шчучынскага партызанскага злучэння. Памёр ад ран у 1944 г. Яшчэ у 1943 г. быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны II ступені”. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Магіла знаходзіцца на грамадзянскіх могілках, помнік усталяваны ў 1967 г. 
3. За 3 км ад в. Даўлюдаўшчына на могілках пахаваны Б.А. Крупіца, які загінуў у 1944 г. 
4. г.п. Жалудок, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
У цэнтры пасёлка, у скверы пахаваны 35 воінаў 199-й стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі 12 ліпеня 1944 г. пры вызваленні пасёлка, 26 партызан, што загінулі ў барацьбе з акупанкамі ў 1942-1944 гг., а таксама П.М. Батыраў – адзіны Герой Савецкага Саюза, пахаваны на Шчучыншчыне. Понік – скульптура воіна – пастаўлены ў 1957 г. 


Маршрут №3 "Мірныя ахвяры фашызму"
в. Табалічы - аг. Першамайская - в. Замасцяны - в. Якубавічы (11 км)

1. Магіла ахвяр фашызму каля в. Табалічы знаходзіцца ў лесе, ў 0,5 км на паўночны ўсход ад населенага пункта. У 1944 г. гітлераўцамі была расстраляна сям’я Алясневіча Івана Іванавіча (1905 г.н.) з партызанамі. Загінулі жонка Алясневіч Ганна Валянцінаўна (1908 г.н.), тры дачкі: Юзэфа (1933 г.н.), Яніна (1934 г.н.), Зінаіда (1936 г.н.). Помнік быў узведзены ў 1989 г.
2. аг. Першамайская, гісторыка-краязнаўчы музей
ДУА "НПК Першамайскі дзіцячы сад-сярэдняя школа"
вул. Школьная, 1.
Карта маршрута №3
У раздзеле музея “Вялікая Айчынная вайна” сабраны матэрыял аб 145 земляках-удзельніках ВАВ, жыхарах Першамайскага сельскага савета, аб утварэнні і дзейнасці партызанскага атрада ім. Катоўскага, брыгады імя Ленінскага камсамола, а таксама аб трагедыі жыхароў в. Агародзішча. Раздзел «У памяці народа…» інфармуе аб помніках Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Навадворскага сельскага савета. 
3. Магіла ахвяр фашызму ў в. Замасцяны. 
На тэрыторыі праваслаўных могілак у цэнтры вёскі знаходзіцца магіла Марозава М.І. – першага дырэктара Замасцянскай школы, Маркевіча М.І. – сакратара Першамайскага сельсавета, Маркевіча І.І. – трактарыста МТС, расстраляных фашыстамі ў 1941 г. 
4. Магіла ахвяр фашызму ў в. Якубавічы.
На паўднёвай ускраіне вёскі пахаваны 27 мірных жыхароў. Ноччу 22 снежня 1942 г. карны атрад гітлераўцаў уварваўся ў вёску. Усе жыхары Якубавіч і вакольных хутароў былі сабраны на падворку Івана Вераб’я. З 27 вяскоўцаў, якіх фашысты прыгаварылі да расстрэлу за сувязь з партызанамі, выратаваўся толькі Міхаіл Козел. За гэта гітлераўцы расстралялі яго бацьку. У 1967 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура жанчыны ў жалобе. 










Комментариев нет: