Гета

МЕСЦЫ ЗНІШЧЭННЯ МІРНАГА ЯЎРЭЙСКАГА НАСЕЛЬНІЦТВА

Яўрэйскае гета ў Васілішках
На пяты ці шосты дзень вайны нямецкія войскі захапілі Васілішкі. У той самы дзень па даносу здрадніка палявая жандармерыя немцаў арыштавала 7 найбольш вядомых і паважаных жыхароў пасёлка (у асноўным гэта былі людзі інтэлектуальнай працы і грамадскія актывісты, сярод якіх былы дырэктар яўрэйскай школы Штэйн і яго дачка). Іх тут жа расстралялі. Праз некалькі дзён расстралялі яшчэ дваіх, затым яшчэ і яшчэ. Першы час жыццём у Васілішках запраўлялі некалькі паліцаяў-добраахвотнікаў, а затым прыехалі нямецкія жандармы. Былі створаны рэгулярная паліцэйская і адміністрацыйная ўправы. Пачаўся жорсткі тэрор, ад якога пакутавала ўсё насельніцтва пасёлка і раёна ( тады Васілішкі былі раённым цэнтрам). Але найбольшы тэрор праводзіўся ў адносінах да яўрэяў.
Пад пагрозай смерці яўрэям забаранялася карыстацца сваімі гародамі, было загадана аддаць усю жывёлу, а з наступленнем холаду фашысты адабралі футравае адзенне. Неўзабаве яўрэйскае насельніцтва было сагнана ў гета (размяшчалася на адным баку вуліцы Савецкай і вуліцах Школьнай і Кронькаўскай; назва вуліц на той час). У пакоях жылі па 20-30 чалавек. Кожны дзень усе жыхары гета з 10-гадовага ўзросту выганяліся на прымусовыя работы, за якія не плацілі. Весці размовы з людзьмі іншых нацыянальнасцей забаранялася. Кожны жыхар гета павінен быў насіць на грудзях і спіне адметныя знакі – жоўтыя шасцівугольныя зоркі. Немцамі быў устаноўлены паёк – 125 г хлеба на працаздольнага. Замест хлеба выдавалі каля 100 г мукі. Паліва не было. Выходзіць за межы гета катэгарычна забаранялася. Хто аслухаецца – расстрэл.
Фашысты ўстанавілі калектыўную адказнасць за правіннасці. У кожным пакоі вісеў спіс пражываючых у ёй асоб, завераны подпісам каменданта паліцыі і пячаткай. Часта ноччу паліцыя і жандармы праводзілі праверкі. Калі каго-небудзь не аказвалася на месцы, ці, наадварот знаходзілі лішняга, забівалі ўсіх. Асабліа страх наводзіла “буда” – крытая машына, на якой нечакана з’яўляліся карнікі з Астрыны і ўчынялі расправу.
Так, у голадзе і холадзе, цеснаце і страху прайшла зіма. Але, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, людзі радаваліся надыходу вясны. На досвітку 8 мая прагучалі разрозненныя стрэлы. Такім чынам паліцаі папярэджвалі, што ўсе жыхары павінны заставацца ў сваіх хатах. У кожным двары паліцэйскія сачылі, каб ніхто не выходзіў на вуліцу. З наступленнем ночы фашысты стралялі па вокнах і асвятлялі гета ракетамі. Людзі заставаліся зачыненымі 2 дні (8 9 мая), пакутавалі ад смагі і духаты.
Раніцай 10 мая 1943 г. ўсіх сагналі на вуліцу Школьная. Далі каманду падрыхтаваць дакументы і сем’ямі выходзіць з гета  і ўсіх пагналі па вуліцы Савецкай. Загадалі легчы тварам ўніз, білі па галаве, спіне. Праз некаторы час карнікі пачалі адлічваць па 10-30 чалавек і гнаць у накірунку да могілак. Там людзей распраналі, падводзілі да ямы і расстрэльвалі ружэйна-кулямётным агнём. Расстрэл працягваўся да вечара  11 мая 1942 г. Агульная колькасць загубленых за 2 дні – 2159 чалавек. У зверствах прынімалі ўдзел: войскі СС, вызваныя з г. Ліда пад камандаваннем штабс-лейтэра Віндыш і яго памочніка Васюкевіча сумесна з жандармерыяй і гестапаўцамі бліжэй ляжачых раёнаў і мясцовай паліцыі на чале з камендантам Яжэўскім, памочнікамі Тубілевічам і Шмігірай, якія адрозніваліся асобай жорсткасцю.
На месцы масавага знішчэння мірных жыхароў у 1967 г. ўстаноўлены помнік.



Яўрэйскае гета ў Жалудку
Немцы захапілі Жалудок 27 чэрвеня 1941 года. У перыяд акупацыі ў панскім маёнтку, які размяшчаўся ў адным кіламетры ад Жалудка, знаходзілася нямецкая часць. Адначасова там быў штрафны батальён. Акупантамі быў выдадзены загад аб стварэнні яўрэйскага камітэта – юдэнрата. Кожны дзень працаваць у маёнтку павінны былі 100 чалавек. Праз некалькі дзён быў выдадзены яшчэ адзін загад, згодна з якім усе яўрэі павінны былі насіць белыя павязкі з жоўтымі латамі. За адсутнасць гэтай павязкі растрэльвалі на месцы.
1 лістапада 1941 г. яўрэяў Жалудка сагналі ў гета на вуліцы Арлянскай (адзіная не спаленая гітлераўцамі вуліца). Адначасова ў гета былі дастаўлены 300 яўрэяў з суседняй вескі Орля. На працягу восені 1941 г. былі растраляны 32 жыхары в.Орля і 28 з Жалудка.
8 мая 1942 года гета акружылі нямецкія салдаты і паліцэйскія. На наступны дзень яўрэяў сагналі на рыначную плошчу, дзе афіцэры службы СС Леапольд Віндзіш і Рудольф Вернер (пасля вайны суд прыгаварыў іх да пажыццёвага пазбаўлення волі). 81 рамесніка з ліку яўрэяў накіравалі ў сінагогу, а астатніх (больш 1500 чалавек) расстралялі. Таго, хто спарабаваў схавацца, забівалі паліцэйскія. Яўрэяў, якія засталіся жывыя, фашысты перавялі ў гета Шчучына, а адтуль у 1943 г. у лагер смерці Сабібор. За нядзеля да ліквідацыі гета ў Жалудку 140 маладых людзей былі адпраўлены ў Скрыбава, а адтуль - у гета Ліды. Невялікай колькасці яўрэяў удалося ўцячы, і яны далучыліся да яўрэйскага партызанскага атрада пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх, а таксама да груп беларускіх партызан.
На паўднёва-ўсходняй ускраіне пасёлка, на месцы расстрэлу 09.05.1942 г.і пахавання 2000 мірных жыхароў у 1959 г. пастаўлены абеліск.


Шчучынскае гета
У чэрвені 1941 года ў Шчучыне пражывала 5000 чалавек, з якіх 3000 – яўрэі. У сярэдзіне 1941 г. гітлераўцы адабралі 40 яўрэяў, якія працавалі недалёка ад палаца, растралялі іх у лесе і там жа закапалі. Затым быў адданы загад мясцовай паліцыі сабраць усю яўрэйскую інтылегенцыю разам з сем’ямі – усяго 50 чалавек. Іх прывялі да в.Тапілішкі і растралялі ў лесе.
У верасні 1941 г. было створана Шчучынскае гета. Яно займала паўднёвую частку мястэчка паміж сучаснымі вуліцамі 17 Верасня і Гастэла, часткова ахоплівала вуліцы Камсамольскую і Фрунзе.
Тэрыторыя гета была абнесена калючым дротам.
Акрамя мясцовых яўрэяў сюды трапілі яўрэі з Ражанкі.
Ахову ажыццяўлялі паліцаі з камендантам гета Пятуховым Зняволеных вывозілі на прымусовыя работы, забаранялі карыстацца тратуарамі і абавязвалі мець на адзенні жоўтыя значкі (круг або зорку).
9 мая 1942 года фашысты знішчылі зняволенных Шчучынскага гета. Расправай кіравалі штабсляйтар Вайндзіш, камендант паліцыі Коцат і прадстаўнік раённай управы Іжэўскі. Напярэдадні  паліцэйскія захапілі ў мястэчку групу мужчын і загадалі ім выкапаць вялікую яму на паўднёва-усходнім ускрайку Шчучына. Калі праца была скончана, мужчын адвялі ў бок. Паклалі на зямлю тварам уніз і загадалі ляжаць, не ўздымаючы галавы. Раніцай 9 мая 1942 года яўрэяў выгналі на гандлёвую плошчу і загадалі здаць ўсё золата. Каля 500 “каштоўных” яўрэяў – спецыялістаў ці прыдатных да цяжкай працы – пакінулі ў жывых. Астатніх, па роэных звестках, ад 2060 да 2180 чалавек растрэльвалі групамі па 10-15 чалавек аж да вечара. Пасля немцы засыпалі трупы яўрэяў хлоркай, а паліцаі загадалі анямелым ад жаху мужчынам устаць і засыпаць гіганцкую магілу. Некалькі сутак запар зямля на месцы растрэлу варушыллася. Астатніх яўрэяў трымалі ў Шчучыне для рознай працы да 17 версня 1943 года, а затым праз Ліду вывезлі ў канцлагер.
На месцы трагедыі ўзвышаецца помнік ахвярам фашысцкага генацыду, размешчанага на былым аэрадроме  ў паўночна-усходняй частцы г. Шчучына. Помнік зроблены з бетону з мармуровай плітой, з металічнай агароджай. Памеры брацкай магілы 20х8 м. У цэнтральнай частцы помніка надпіс: “Тут пахавана 2060 мірных грамадзян, растраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі 9 мая 1942 года”. Вядома 856 прозвішч пахаваных і 1204 невядомыя. Помнік у асноўным устаноўлены на добраахвотныя ахвяраванні родных і блізкіз загінуўшых.

Комментариев нет: