Брацкія магілы

На тэрыторыі Шчучынскага раёна знаходзяцца 12 брацкіх магіл, у якіх пахаваны савецкія воіны, партызаны, савецкія і партыйныя дзеячы, загінуўшыя пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

г.п. АСТРЫНА
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан па вуліцы Станкевіча. Помнік - скульптура воіна - пастаўлены на магіле ў 1967 г. Тут пахаваны 21 воін 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі імя Р.І.Катоўскага 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 17 партызан, што загінулі ў 1941-1944 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут таксама пахаваны 11 партыйных савецкіх актывістаў, якія загінулі ў 1945-1948 гг. Сярод пахаваных – камандзір атрада імя Ленінскага камсамола Д.Ц. Панкоў, камандзір партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола Антон Васільевіч Станкевіч. Яго імем названа вуліца ў г.п. Астрына. 
Нарадзіўся Станкевіч у в. Любча Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў 1915 г. Член КПСС. З 1937 г. на падпольнай рабоце ў Скідзелі. Пасля ўз’яднання ў 1939 г. – раённы ўпаўнаважаны Наркамата БССР па нарыхтоўках у Скідзельскім райвыканкаме. Са студзеня 1942 г. – у партызанах: камандзір групы, узвода, атрада. З верасня 1943 г. – камандзір партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола. Партызаны пад яго камандаваннем пусцілі пад адхон 40 варожых эшалонаў, пашкодзілі 101 км сувязі, узарвалі 2 электрастанцыі і інш. варожыя аб’екты, знішчылі больш 1 тыс. гітлераўцаў. Загінуў у баі каля в. Вялікія Бярозаўцы.
Брацкая магіла падпольшчыкаў знаходзіцца на старых праваслаўных могілках. Абеліск на магіле ўзведзены ў 1950 г. Пахаваны камсамольцы – падпольшчыкі У. Вашкевіч, П.Жукоўскі, М.Карсуноў, У.Сакута, М.Слатвінскі, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адна з вуліц пасёлка названа ў памяць аб адным з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнага падполля ў Заходняй Беларусі і на тэрыторыі Гродзенскага раёна ў гады Айчыннай вайны Мікалаі Слатвінскім. Нарадзіўся ён 14 чэрвеня 1920 г. у Астрыне. Член КСМЗБ. У 1938 г. стварыў камсамольска-маладзёжную групу. У 1939 г. прымаў удзел ва ўстанаўленні савецкай улады, працаваў у міліцыі. У 1940-1941 гг. вучыўся ў Гродзенскім педагагічным вучылішчы. З першых дзён вайны стаў актыўным удзельнікам барацьбы з фашыстамі. У Астрыне і суседніх вёсках стварыў камсамольскае падполле. У маі 1942 г. пайшоў у партызанскі атрад, удзельнічаў у баявых аперацыях. Загінуў падчас карнай аперацыі гітлераўцаў.
Раней адна з вуліц Астрыны называлася Дзембраўскай. Перайменавана яна была пасля вайны ў памяць аб адным з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці у гады Вялікай Айчыннай вайны Пятру Васільевічу Жукоўскім. Нарадзіўся ён у г. Чудава Наўгародскай вобласці. Жыў у Заходняй Беларусі. Пасля 1939 г. працаваў старшынёй Астрынскага сяльпа. У пачатку вайны арганізаваў і стаў кіраўніком антыфашысцкага падполля ў Астрыне. З мая 1942 г. – член Баранавіцкага акружнога антыфашысцкага камітэта, упаўнамочаны па Васілішкаўскаму раёну. У канцы мая 1942 г. пасля шматлікіх правалаў вымушаны быў пайсці ў партызанскі атрад імя Ленінскага камсамола. Загінуў у баі.
Магіла невядомых салдатаў на новых праваслаўных могілках. Дзесяць год назад пошукавым клубам “Сокал” былі праведзены раскопкі на месцы баёў у раёне Астрыны. Былі зноўдзены астанкі вялікай колькасці салдат. На жаль, не ўдалося устанавіць іх імёны. Але кожны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны павінен быць пахаваны. Астрынскім пассаветам на чале з У.Л. Дзежыцам пры падтрымцы раённых улад, грамадскай супольнасці пасёлка быў арганізаваны працэс перазахавання астанкаў салдат. Чатыры труны з астанкамі салдат былі прывезены на новыя могілкі на ўскрайку Астрыны. На гэтым месцы стаіць помнік.
аг. ВАСІЛІШКІ
Брацкая магіла савецкіх воінаў 
На могілках пахаваны 3 невядомыя савецкія воіны, якія загінулі пры вызваленні вёскі. У 1965 г. на магіле пастаўлены помнік.
в. ГРАМКІ
Магіла савецкіх воінаў
За 0,5 км на захад ад вескі Грамкі знаходзяцца магілы 2 савецкіх воінаў (прозвішчы не ўстаноўлены), якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У ліпені 1944 г. у вёсцы салдаты пакінулі раненага таварыша. Па ўсіх дадзеных гэта былі разведчыкі. Ранены хутка памёр, дакументаў у яго не было. У 1967 г. на магілах пастаўлены помнік – скульптура воіна.
г.п. ЖАЛУДОК
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан 
У цэнтры пасёлка, у скверы пахаваны 35 воінаў 199-стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі 12 ліпеня 1944 г. пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 26 партызан, што загінулі ў барацьбе з акупантамі  ў 1942-44 гг., таксама Герой Савецкага Саюза Пётр Міхайлавіч Батыраў. Нарадзіўся ён 3 студзеня 1918 г. у в. Чулпанава Падольскага раёна Маскоўскай вобласці ў сялянскай сям’і. На фронце з 1942 г., лётчык-знішчальнік. Правёў 52 паветраныя баі, у якіх збіў 5 варожых самалётаў. Летам 1944 г. – намеснік камандзіра па паветрана-стралковай службе 163-га знішчальнага авіяпалка гвардыі капітан П.М. Батыраў даставіў камандаванню даныя разведкі аб абароне праціўніка, пераправах на рэках Проня, Дняпро, Бярэзіна, эшалонах ворага на чыгунцы Магілёў-Орша, варожай групіроўцы, акружанай каля Шклова. Зрабіў 330 баявых вылетаў, нанёс значныя страты праціўніку. Загінуў у паветраным баі ў ліпені 1944 г. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 23 лютага 1945 г.
У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.
в. ЗАВАЛКІ
Брацкая магіла савецкіх воінаў
На вясковых могілках пахаваны Янушкевіч А.І. і чатыры невядомых партызаны, загінуўшыя ў 1942-1943 гг.
в. ЗАЧЭПІЧЫ
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан
Пахаваны  2 савецкіх воіна і 30 партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну. У 1958 г. пастаўлены помнік.


в. ОРЛЯ
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан
Пахаваны 46 воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях з гітлераўцамі ў чэрвені 1941 г. і ліпені 1944 г., і 16 партызан, што загінулі ў баях у 1943-1944 гг. Помнік пастаўлены ў 1967 г.


в. ПЕРШАМАЙСКАЯ
Брацкая магіла партызан і ахвяр фашызму
У магіле пахаваны тры невядомыя партызаны з атрада генерал-маёра П.П. Капусты. У другой – восем мірных жыхароў, расстраляных у 1943 г. гітлераўцамі: Альбертскі Уладзіслаў, Альбертская Марыя, Якаўлева, сын Бартош, дачка Крыстына, Кухарскі Іосіф, Пашынская Таццяна, Бушман Адам, Палтарацкая Алена. Помнік пастаўлены ў 1975 г.
в. РАЖАНКА
Брацкая магіла савецкіх воінаў
Пахаваны 3 невядомыя савецкія воіны. На развілцы дарог Ражанка – Масты – Каменка – Вярбілкі пры правядзенні земляных работ у чэрвені 1967 г. былі агледжаны астанкі траіх невядомых воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі 26 чэрвеня 1941 г., абараняючы Ражанку.
Былі знойдзены частка абмундзіравання, медаль “За адвагу” №17653, пісталет, гадзіннік, компас. 
г. ШЧУЧЫН
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан
Знаходзіцца на плошчы Свабоды. Пахаваны 229 воінаў 139-й стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні раёна  ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 6 патызан. Вядома толькі 67 імён загінуўшых, прозвішчы астатніх пахаваных воінаў і партызан не ўстаноўлены. Сярод вядомых – імя камандзіра 3-й батарэі 472-га - Чырванасцяжнага Лезненскага Верхнедняпроўскага гаўбічнага артылерыйскага палка РГК Васіля Макаравіча Федаровіча, за мужнасць і высокае артылерыйскае майстэрства ўзнагароджанага ордэнам Чырвонага Сцяга. У баявой абстаноўцы першай запаведдзю капітана Федаровіча было ўмела выбраць  баявыя пазіцыі і назіральны пункт, добра замаскіравацца. Вялікія клопаты праяўляў пра салдат, сачыў каб яны былі абутыя, адзетыя, накормленыя. У баях на мяжы Калінінскай і Смаленскай абласцей на  рахунак капітана Федаровіча было запісана многа знішчальных агнявых кропак, бліндажоў, вузлоў сувязі і жывой сілы гітлераўцаў. У аперацыях на Віцебскім напрамку ў паласе дзеяння 39-й арміі капітан Федаровіч са сваей Батарэяй знаходзіўся на пярэдняй лініі наступаючай пяхоты 158-й стралковай дывізіі. Вёў назіранні за праціўнікам і ўмела і трапна карэкціраваў агонь гармат. У баях пад Лезна капітан Федаровіч у ліку першых адкрыў артылерыйскі агонь па ворагу і тым самым забяспечыў пяхотным падраздяленням дывізіі магчымасць уварвацца ў горад. В.М. Федаровіч памёр ад ран 20 ліпеня 1944 г.
У 1950г. на брацкай магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Комментариев нет: