Велапаходы

Маршрут №1 "Шчучыншчына партызанская"
г. Шчучын - аг. Орля - в. Зачэпічы - г. Шчучын (63 км)

1. г. Шчучын, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
Пахаваны 229 воінаў 139-й стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 6 партызан. Вядома толькі 67 імён загінуўшых, прозвішчы астатніх не ўстаноўлены. Сярод вядомых – імя камандзіра 3-й батарэі 472-га Чырванасцяжнага Лезненскага Верхнедняпроўскага гаўбічнага артылерыйскага палка РГК В.М. Федаровіча, за мужнасць і высокае артылерыйскае майстэрства ўзнагароджанага ордэнам Чырвонага Сцяга. Помнік – скульптура воіна – пастаўлены ў 1960 г. 
Карта маршрута №1
2. аг. Орля, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
Помнік пастаўлены ў 1967 г. на магіле 46 воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1941 г. і ліпені 1944 г., і 16 партызан, што загінулі ў баях на працягу 1943-44 гг.
3. в. Зачэпічы, мемарыяльны комплекс на месцы базіравання штаба партызанскага злучэння Шчучынскай зоны, утворанага 18 красавіка 1943 г. Камандзір – Сцяпан Пятровіч Шупеня. На ліку партызан Шчучынскай зоны многа славутых спраў, аб якіх расказваецца ў кнізе С.П. Шупені “Гнеўная Шчара”.
Музей партызанскай славы быў адкрыты ў адноўленай зямлянцы з улікам прапаноў і пажаданняў былых партызан да 40-годдзя з дня ўтварэння Шчучынскага партызанскага злучэння ў 1983 г. На будаўніцтве працавалі і былыя партызаны. 4. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у в. Зачэпічы. 
Помнік пастаўлены ў 1958 г. на магіле 2 савецкіх воінаў і 30 партызан, загінуўшчых у Вялікую Айчынную вайну. 
5. г. Шчучын, музей баявой славы
ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Шчучына"
вул. Леніна, 66.
Экспазіцыя музея "Падпольны і партызанскі рух на Шчучыншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны".
У школьным музеі знаходзіцца вялікая колькасць экспанатаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Адна з экспазіцый музея прысвечана партызанскаму руху на Шчучыншчыне. Сабраны матэрыял аб удзельніках партызанскага руху: Аўчыннікаве С.І., Сцяпанаве П.Е., Чашчэвіку М.І., Бубнове І.Г., Шупені С.П. Экскурсіі праводзяцца па папярэдніх заяўках.



Маршрут №2 "Сёстры Хатыні"
в. Шкленск -- в. Зінякі - аг. Першамайская - в. Агародзішча (75 км)

1. Абеліск на месцы спаленай в. Шкленск. 
Карта маршрута №2
Шкленск размяшчаўся каля дарогі Гродна-Астрына. 18 ліпеня 1943 года вёска, усе 17 двароў, была спалена разам з 67 мірнымі жыхарамі. Пасля вайны так і не змагла адрадзіцца. У 1966 годзе ў цэнтры былой вёскі ўзведзены абеліск. Урна з попелам са Шкленску ўвекавечага ў мемарыяльным комплексе Хатынь.
2. Мемарыяльны комплекс у в. Зінякі.
На досвітку 22 студзеня 1944 г. 800 карнікаў акружылі вёску. Спачатку на вачах у бацькоў расстралялі дзяцей. Пасля сагналі жыхароў ў хлеў і яго падпалілі. Уся вёска была спалена. Пасля вайны Зінякі адноўлены. 8 мая 1988 г. пры ўездзе ў вёску адкрыты мемарыяльны комплекс. У цэнтры мемарыяла – фігура жанчыны-маці з дзіцём на руках. Насупраць – цэментная сцяна з 419 прозвішчамі загінуўшых. У брацкай магіле пахаваны 87 дзяцей, самаму малодшаму з якіх споўніўся ўсяго 1 дзень. Лічба 6593 – колькасць мірных грамадзян Шчучыншчыны, якія загінулі ў 1941-1944 гг. 
3. аг. Першамайская, гісторыка-краязнаўчы музей
ДУА "НПК Першамайкая дзіцячы сад-сярэдняя школа"
вул. Школьная, 1.
У раздзеле музея “Вялікая Айчынная вайна” сабраны матэрыял аб 145 земляках-удзельніках ВАВ, жыхарах Першамайскага сельскага савета, аб утварэнні і дзейнасці партызанскага атрада ім. Катоўскага, брыгады імя Ленінскага камсамола, а таксама аб трагедыі жыхароў в. Агародзішча.Раздзел «У памяці народа…» інфармуе аб помніках Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Навадворскага сельскага савета. 
4. Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай в. Агродзішча.
Размешчаны на тэрыторыі Першамайскага сельскага Савета. 26 лютага 1943 года 500 карнікаў на досвітку акружылі вёску, сагналі жыхароў у хату Мацвея Саковіча, мужчынам загадалі выкапаць яму і па 10 чалавек выводзілі расстрэльваць. Вёску (28 хат) спалілі. Загінулі 147 жыхароў. Пасля вайны вёска Агародзішча так і не была адноўлена. Да 2003 г. непадалёку ад Котры стаяў помнік з надпісам: “Тут пахаваны 147 жыхароў вёскі Агародзішча, растраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі 26 лютага 1943 года”. У сувязі з 60-годдзем трагедыі  ў 2003 г. быў устаноўлены мемарыяльны комплекс.



Маршрут №3 "Ахвяры генацыду" 
(месцы знішчэння мірнага яўрэйскага насельніцтва)
аг. Васілішкі - г.п. Жалудок - праз аг. Ражанка - г. Шчучын (49 км)

1. аг. Васілішкі
Гісторыка-краязнаўчы музей
ДУА "Васілішкоўская сярэдняя школа"
вул. Савецкая, 35а.
Раздзел музея "Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маіх землякоў" прысвечаны трагедыі мірнага яўрэйскага насельніцтва. Каштоўным экспанатам музея з’яўляецца пісьмо з успамінамі вязня яўрэйскага гета ў Васілішках Палячэка Самуіла Рубінавіча, адзінага, каму атрымалася выратавацца.
Помнік расстраляным яўрэям. Пасля таго, як нямецкія войскі захапілі Васілішкі, яўрэйскае насельніцтва было сагнана ў гета (размяшчалася на адным баку вуліцы Савецкай і вуліцах Школьнай і Кронькаўскай; назва вуліц на той час). Кожны дзень усе жыхары гета з 10-гадовага ўзросту выганяліся на прымусовыя работы. Весці размовы з людзьмі іншых нацыянальнасцей і выходзіць за межы гета забаранялася. Фашысты ўстанавілі калектыўную адказнасць за правіннасці. Раніцай 10 мая 1943 г. ўсіх сагналі на вуліцу Школьная і павялі па вуліцы Савецкай ў накірунку да могілак. Там людзей распраналі, падводзілі да ямы і расстрэльвалі ружэйна-кулямётным агнём. Расстрэл працягваўся да вечара  11 мая 1942 г. Агульная колькасць загубленых за 2 дні – 2159 чалавек. На месцы масавага знішчэння мірных жыхароў у 1967 годзе ўстаноўлены помнік.
2. г.п. Жалудок, помнік расстраляным яўрэям.
Карта маршрута №3
1 лістапд 1941 г. яўрэяў Жалудка і 300 яўрэяў з суседняй вёскі Орля сагналі ў гета на вуліцы Арлянскай (адзіная не спаленая гітлераўцамі вуліца). На працягу восені 1941 г. былі растраляны 32 жыхары в. Орля і 28 з Жалудка. 9 мая 1942 г. расстралялі болей 1500 чалавек. Таго, хто спарабаваў схавацца, забівалі паліцэйскія. Яўрэяў, якія засталіся жывыя, фашысты перавялі ў гета Шчучына, а адтуль у 1943 г. у лагер смерці Сабібор. За нядзеля да ліквідацыі гета ў Жалудку 140 маладых людзей былі адпраўлены ў Скрыбава, а адтульу гета Ліды. Невялікай колькасці яўрэяў удалося ўцячы, і яны далучыліся да яўрэйскага партызанскага атрада пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх, а таксама да груп беларускіх партызан. На паўднёва-ўсходняй ускраіне пасёлка, на месцы расстрэлу 9 мая 1942 г. і пахавання 2000 мірных жыхароў у 1959 г. пастаўлены абеліск.
3. г. Шчучын, помнік расстраляным яўрэям.
У верасні 1941 г. было створана Шчучынскае гета. Яно займала паўднёвую частку мястэчка паміж сучаснымі вуліцамі 17 Верасня і Гастэла, часткова ахоплівала вуліцы Камсамольскую і Фрунзе. Акрамя мясцовых яўрэяў сюды трапілі яўрэі з Ражанкі. Раніцай 9 мая 1942 г. яўрэяў выгналі на гандлёвую плошчу і загадалі здаць ўсё золата. Каля 500 “каштоўных” яўрэяў – спецыялістаў ці прыдатных да цяжкай працы – пакінулі ў жывых. Астатніх, па розных звестках, ад 2060 да 2180 чалавек растрэльвалі групамі па 10-15 чалавек аж да вечара. Пасля немцы засыпалі трупы яўрэяў хлоркай, а паліцаі загадалі анямелым ад жаху мужчынам устаць і засыпаць гіганцкую магілу. Некалькі сутак запар зямля на месцы растрэлу варушыллася. Астатніх яўрэяў трымалі ў Шчучыне для рознай працы да 17 верасня 1943 года, а затым праз Ліду вывезлі ў канцлагер. На месцы трагедыі пастаўлены  помнік. 




Комментариев нет: