Музей партызанскай славы

За 0.5 км на паўночны ўсход ад вёскі Орля ў лесе, каля вёскі Зачэпічы ў Вялікую Айчынную вайну базіраваўся ў 1943-44 гг. штаб партызанскага злучэння Шчучынскай зоны.
Шчучынскае партызанскае злучэнне было створана 18 красавіка 1943 года. Камандзірам быў прызначаны член Баранавіцкага падпольнага абкома КП(б)Б Сцяпан Пятровіч Шупеня. У склад злучэння ўваходзілі 4 брыгады Ленінская, імя Ленінскага камсамола, імя Варашылава, “Перамога”. У ліпені 1944 г. злучэнне налічвала 3,2 тысячы партызан і злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. Многа славутых спраў на ліку адважных партызан Шчучынскай зоны. Аб іх расказваецца ў кнізе ўспамінаў С.П. Шупені “Гнеўная Шчара”, а таксама ім прысвячаны  экспазіцыі музея Партызанскай славы.
Музей Партызанскай славы быў адкрыты ў адноўленай зямлянцы з улікам  прапаноў і пажаданняў былых партызан да 40-годдзя з дня ўтварэння Шчучынскага партызанскага злучэння ў 1983 г. На будаўніцтве музея працавалі і былыя партызаны. Патрэбна адзначыць, што прымаў удзел у будаўніцтве і ўражэнец Францыі – Леон Эйер, які  ў гады вайны таксама аказаўся ў радах партызан Шчучынскага злучэння.
Музей складаецца з трох пакояў. Плошча яго 32 м кв. Экспазіцыя першага пакоя прысвечана акупацыйнаму рэжыму, змешчана карта Беларусі. На стале ляжыць кніга водгукаў наведвальнікаў музея.
Экспазіцыя другога пакоя адлюстроўвае структуру Шчучынскага партызанскага злучэння, баявыя дзеянні партызан. Тут размешчана і зброя, якой карысталіся партызаны. Трэцяя зала прысвечана пасляваеннай тэматыцы: сустрэчам партызан на Шчучынскай зямлі, ганаровым грамадзянам г. Шчучына, вёскам на Шчучынскай зямлі, раздзяліўшых лёс Хатыні і г.д.
У музеі налічваецца больш за 250 экспанатаў  асноўнага і 120 дапаможнага. Музей працуе на грамадскіх пачатках. Адказнасць за захоўванне экспанатаў і стан памяшкання музея нясе Орлеўскі сельскі Савет.
Мемарыяльны комплекс на месцы базіравання 
штаба партызанскага злучэння Шчучынскай зоны

Комментариев нет: