Сёстры Хатыні

ВЁСКА АГАРОДЗІШЧА
Мемарыяльны комплекс
на месцы спаленай в. Агародзішча
Сярод вёсак, лёс якіх у гады Вялікай Айчын-най вайны напаткаў лёс Хатыні і вёска Агародзішча, што на тэрыторыі Першамайскага сельскага Савета. У пачатку 1942 года ўзмацнілася партызанская вайна. У лесе паблізу вёскі Агародзішча народныя мсціўцы адбілі ў акупантаў нарабаваную жывёлу і раздалі яе сялянам. У другі раз узарвалі вузкакалейку, затым недалёка ад вёскі забілі пецярых немцаў. Фашысты здагадваліся, што партызанам дапамагаюць жыхары вёскі. І тады сваю злобу фашысты вырашылі выліць на ўсёй вёсцы. 26 лютага 1943 года 500 карнікаў на досвітку акружылі вёску, сагналі жыхароў у хату Мацвея Саковіча, мужчынам загадалі выкапаць яму і па 10 чалавек выводзілі расстрэльваць. Вёску (28 хат) спалілі. Загінулі 147 жыхароў гэтай вёскі.
Вёска Агародзішча знікла з карты Шчучыншчыны. Яна не адноўленая вёска, сястра Хатыні. Да 2003 г. непадалёку ад Котры стаяў помнік з чырвонай зорачкай наверсе і надпісам: “Тут пахаваны 147 жыхароў вёскі Агародзішча, растраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі 26 лютага 1943 года”. У сувязі з 60-годдзем трагедыі  ў 2003 г. быў устаноўлены мемарыяльны комплекс. Памеры брацкай магілы 10х6 м. На гэтай плошчы змешчаны асноўны помнік і яшчэ абапал 4 невялікія помнікі з прозвішчамі загінуўшых, пастаўленыя роднымі і блізкімі ахвяр трагедыі. Агароджа драўляная.

ВЁСКА ЗІНЯКІ
22 студзеня 1944 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі была ўчынена адна з самых страшных трагедый на тэрыторыі Шчучынскага раёна.
На досвітку 800 карнікаў акружылі веску. З хат выгналі ўсіх: жанчын, дзяцей, старых. Спачатку фашысты на вачах у бацькоў расстралялі дзяцей. Потым карнікі прыкладамі і штыкамі загналі ў хлеў жанчын і мужчын і падпалілі. Тых, хто імкнуўся выратавацца з агню азвярэлыя фашысты расстрэльвалі ва ўпор. Уся веска была спалена. Тут загінулі 65 жыхароў акружаючых вёсак, выпадкова апынуўшыхся ў Зіняках. Ранкам на месцы Зінякоў дымілася папялішча. 419 мірных жыхароў згарэлі ў агні. Людзі, прыйшоўшыя з акружаючых  хутароў, знайшлі толькі астанкі збіўшыхся па кучках людзей. Па астанкам адзення людзей, якія гарэлі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, суседзі з бліжэйшых вёсак пазнавалі блізкіх. Астатніх нельга было пазнаць: яны рассыпаліся, як толькі да іх датыкаліся.
Цудам застаўся ў жывых Міхаіл Іосіфавіч Журун – хлопчык, якому ўдалося збегчы. Схаваўшыся ў лесе, ён бачыў, як выводзілі з хаты бацьку, маці, сястру, брата з шасцігадовым сынам, суседзей, але ні чым не мог ім дапамагчы, хоць сэрца і разрывалася ад болю. Вёска была адноўлена пасля вайны.
Мемарыяльны комплекс у в. Зінякі
Пашчасціла і сям’і Шайпакоў, якія схаваліся ў зямлянцы, вырытай на ўсякі выпадак: яе фашысты не заўважылі ў цемры. У зямлянцы сям’я жыла да канца вайны. І яшчэ адзін мужчына (прозвішча яго не памятаюць), які ўскочыў у студню, а немцы палічылі яго ўтопленым, застаўся жыць. Ён затым выбраўся па зрубах: студня была драўлянай.
Да 1988 г. на месцы спаленай вескі стаяў невялікі помнік з чырвонай зоркай наверсе. 8 мая 1988 года ў весцы Зінякі адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны адкрыццю мемерыяльнага комплексу замучаным 22 студзеня 1944 года.
У цэнтры мемарыяла ўзвышаецца фігура жанчыны-маці з дзіцем на руках. Яна як бы прыціскае дзіця да сваіх грудзей, імкнучыся выратаваць яго ад полымя. Насупраць  - цэментная сцяна, на якой напісана лічба 419, і на сцяне прозвішчы загінуўшых у гэтым страшэнным кастры. Пачынаецца сцяна з лічбы 6593 – гэта колькасць мірных грамадзян Шчучыншчыны, якія загінулі ў 1941-1944 гг.
Веска Зінякі – сястра Хатыні. Зямля гэтай вескі захоўваецца на адзіных у свеце могілках спаленых вёсак – Хатыні.
Мемарыяьны комплекс размешчаны пры ўездзе ў веску, на ўскрайку лесу. Памеры пахавання – 12х4 м. У брацкай магіле пахаваны 87 дзяцей, самому малодшаму з якіх споўніўся ўсяго 1 дзень. Аб гэтым сведчыць надпіс на невялікім помніку, насупраць цэментнай сцяны з надпісамі прозвішчаў загінуўшых. Дарога да комплексу вымашчана цэментнымі плітамі, паабапал дарогі высаджаны кветкі.

ВЁСКА ШКЛЕНСК
Абеліск на месцы спаленай в. Шкленск
До 18 ліпеня 1943 года на карце Шчучынскага раёна, каля дарогі Гродна-Астрына значылася вёска пад назвай Шкленск. Але яе не стала разам з яе жыхарамі ў той страшны ліпенскі дзень. Не стала назаўсёды. На досвітку гітлераўскія аўтаматчыкі акружылі вёску і пачалі выганяць на вуліцу жанчын, дзяцей, старых. Ні ў чым непавінныя жыхары спачатку былі жорстка збіты, а затым растраляны. Разам з мёртвымі ў наспех выкапаныя ямы кідалі параненых дзяцей. Доўга яшчэ калыхалася зямля над магілаю.
У Шкленску было знішчана 67 яе мірных жыхароў, а вёска спалена, усе 17 двароў. Вёска так і не змагла адрадзіцца.Толькі ў 1951 годзе побач з вёскай каля трасы Гродна-Астрына быў пастаўлены помнік партызанам, а ў 1966 годзе – у цэнтры былой вёскі ўзведзены абеліск – на ўшанаванне памяці загінуўшых. Ад вёскі Шкленск засталася толькі урна з попелам, якая ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь ды ў нашай памяці.


Комментариев нет: